На вашу кніжную паліцу
Свет у канцы тунэля
Шаноўны карэктар або рэдактар, калі вы паспяшаліся перакрэсліць у маім
загалоўку слова “свет” і замяніць яго на “святло”, то аднавіце, калі ласка, першы
варыянт. Таму што насамрэч я маю на ўвазе не электрамагнітнае выпраменьванне,
успрымаемае чалавечым вокам, а філасофскае паняцце ўсяго існага, напрыклад,
быццё чалавека. Каб зразумець ход маёй думкі, трэба прачытаць творы з новай кнігі
Ніны Рыбік “Скрыжаванні”. Кніга пра жаночыя лёсы, але прачытаць яе будзе цікава
і мужчынам, таму што аповесці і апавяданні з яе, наогул пра асабістыя стасункі,
пра памылкі юнацтва, пра расплату за свае грахі і глупствы, пра імкненне да
шчаслівага жыцця. Надзея на шчасце вядзе герояў кнігі праз змрочны тунэль
здрад, расчараванняў, беднасці, душэўных страт у новы свет, які існуе
паралельна з пакутлівым шляхам, але выйсце з якога - толькі ў канцы тунэля.
Пра актуальнасць і вартаснасць твораў сведчыць той факт, што, прачытаўшы
кнігу, двое маіх маладых калег адразу спыталіся, ці будзе прадаўжэнне. Значыць,
як любіць выказвацца сама аўтар, “цапанула”. Ды і хіба могуць не крануць за
жывое гісторыі жыцця нашых сучасніц, на чые плечы апусціўся цяжар
выпрабаванняў, нечаканых паваротаў лёсу, якія тым не менш, не толькі не зламалі
іх, наадварот – загартавалі. Прыклад моцных жанчын празаіка Ніны Рыбік - гэта
новы тып літаратурных гераінь, накшталт тургенеўскіх дзяўчат і бальзакаўскіх
жанчын.
Рукапіс кнігі журналісткі і пісьменніцы Ніны Рыбік “Скрыжаванні” быў
прызнаны пераможцам Гродзенскага абласнога літаратурнага конкурсу імя Алаізы
Пашкевіч (Цёткі). Гэта далёка не першая яе перамога, раней былі перамогі на
многіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Аўтар дзвюх кніг прозы
– “Права на адсяленне” (2000) і “Свае і чужыя” (2008) Ніна Рыбік сёння працуе
галоўным рэдактарам раённай газеты “Астравецкая праўда”. Новая кніга “Скрыжаванні”
была выдадзена напрыканцы мінулага года рэдакцыйна-выдавецкай установай
“Выдавецкі дом “Звязда” накладам у 1100 асобнікаў.
У астраноміі светам (Сусветам) называюць сістэму Галактыкі, да якой
належыць і наша Сонечная сістэма. Здалёку яна, напэўна, выглядае маленькім
воблачкам. А сярод начных зорак, якія мы назіраем з Зямлі, таксама ёсць далёкія
галактыкі, іншыя сусветы, са сваім жыццём ці адсутнасцю жыцця. Чалавецтва –
гэта сістэма сусветаў, бо кожны чалавек – своеасаблівы космас, у якім
сфакусіраваліся пачуцці, памкненні, дзеянні, вынікі існавання. У аднаго дабрыня
душы шчодра свеціцца і распаўсюджвае навокал цеплыню і спакой. У іншага злыя
вочы вылучаюць змрок і холад, ад якіх хочацца ўцякаць. Прычыну такіх
рознаполюсных з’яў імкнецца высветліць аўтар “Скрыжаванняў” у сваіх, на першы
погляд, простых і будзённых аповедах. Але за лёгкасцю і прастатой тэкстаў, за немудрагелістасцю
сюжэтаў прасочваецца не проста праца над словам, а вялікая душэўная работа,
калі кожная сюжэтная лінія праходзіць праз сэрца аўтара, сілкуючыся яго
энергетыкай, каб затым сілкаваць розум і душу чытача.
На прыкладах жыццёвых скрыжаванняў лёсаў сваіх літаратурных гераінь Ніна
Рыбік імкнецца апавядаць аб праблемах і пошуках сапраўдных каштоўнасцяў
прадстаўнікамі ўсяго пакалення, вымушанага прайсці праз развал адных і
ўсталяванне новых дзяржаўных і асабістых стасункаў. Хоць палітычных матываў
амаль няма ў жыццеапісаннях, але палітыка віртуальна прысутнічае ў кожным творы,
бо сфера дзейнасці ўлады тым або іншым чынам уплывае на жыццё кожнага, не
толькі фарміруючы светапогляд, але і падштурхоўваючы да пэўных дзеянняў,
учынкаў. У аповесці “Скрыжаванні”, якая і дала назву ўсёй кнізе прозы,
праявіўся адметны талент пісьменніцы-журналіста ў тым, як гарманічна ўпляла яна
ў тканіну твора вытворчую тэму. І тут жа праявіла сябе як лірык, ствараючы
рамантычныя апісанні з’яў прыроды, узнёслыя гімны пачуццям, глыбокія філасофскія
разважанні.
З думкамі, надзеямі, сумненнямі галоўнай гераіні аповесці Таццяны
Аляксееўны нібы перагукваюцца галасы Надзеі і Валянціны з аповесці “Паміж днём
і ноччу”, персанажаў наступных апавяданняў. Розныя жанчыны, кожная са сваёй
складанай доляй, са сваёй праўдай і такой няскоранай прагай шчасця. У гэтым
заключаецца галоўная рыса сапраўднай жаноцкасці – імкненне быць шчаслівай. Шчасце,
якое кожны разумее па-свойму, якое для кожнага мае сваё матэрыяльнае
ўвасабленне і духоўную “начынку”, на самай справе для большасці людзей
фармулюецца парай слоў: адсутнасць няшчасця. Ці не таму пасля твораў, насычаных
эмацыянальнымі жарсцямі, аўтарка напрыканцы кнігі размясціла “Навагоднія
дыялогі”. Хоць пэўны напал пачуццяў прысутнічае ў гэтых зваротах-малітвах,
прасякнутых чаканнем дзіва, але вельмі адчувальная засяроджанасць, вельмі ўяўная
атмасфера ўзнёслага спавядання і шчырага жадання здзяйснення надзей.
У мяне з’явілася адчуванне, што кульмінацыйны момант аўтарка кнігі наўмысна
насуперак законам драматычнага жанру перанесла ў канец. І таму так чакаюць
працягу, развязкі і лагічнага фіналу мае “каляжанкі”. Таму адчуванне
незавершанасці застаецца ў мяне. А з гэтага вынікае, што працяг павінен быць.
Ала СТРАШЫНСКАЯ.